РУЖА́НСКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС помнік архітэктуры 17—18 ст. у г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Размешчаны на высокім узгорку ў паўд.-ўсх. частцы горада; з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. У 1-й пал. 17 ст. пабудаваны 2-павярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з 3 вежамі: 2 квадратныя ў плане на гал. фасадзе і тарцы левага крыла і 5-гранная на паўн.-ўсх. вугле. У цэнтр.ч. палаца, якая выступала глыбокім рызалітам, размяшчаліся вестыбюль з 4-маршавай лесвіцай і вял. зала на 2-м паверсе, у бакавых ч. — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, б-ка. У 1698 і ў Паўночную вайну 1700—21 разбураны, у 1-й пал. 18 ст. адноўлены. У 1784—86 перабудаваны (арх. Я.С.Бекер): 2 вежы разабраны, а тарцовая ўключана ў аб’ём палаца. Да цэнтр.ч.гал. фасада прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. У дэкар. аздабленні палаца сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму. Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаны перпендыкулярна палацу і злучаны з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усх. корпус падзяляўся параднай лесвіцай на 2 роўныя ч. — тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з 7 планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектакля. Падковападобная ў плане зала 2-ярусная: у 1-м ярусе было 14 ізаляваных лож, на 2-м — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. У зах. корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі двара пабудавана ўязная брама з 2-павярховымі флігелямі па баках. Брама вырашана ў выглядзе 3-пралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожана разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі аконных праёмаў. З 1795 у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая ф-кі. У 1914 комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930, у 1944 разбураны. Захаваліся гал. і ўсх. карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).
Т.В.Габрусь.
Ружанскі палацавы комплекс. Руіны галоўнага корпуса палаца.